Гуру Песен Популярное
А Б В Г Д Е Ж З И К Л М Н О П Р С Т У Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
# A B C D E F G H I J K L M N O P Q R S T U V W X Y Z

Сяргей Балахонаў - Шосты кент | Текст песни и Перевод на русский

ШОСТЫ КЕНТ
Ты паліш шосты «кент»
і ходзіш на чырвонае.
Ты знаеш не з легенд,
як парушаў законы я.

Усмешліва глядзіш,
ужо не спачуваючы,
што я – загнаны шыш* –
даўлюся хлебам заечым

нявыцвілых гравюр
эпохі даваеннае,
калі лямур-тужур
пускаў нядбала ў вены я

без згоды караля,
па-за шляхецкай этыкай,
якую тройчы кляў
і ксціў такой ды гэтакай.

Ты ведала пра ўсё,
маўчаўшы з летапісцамі.
Чытала мне Басё,
калі намер я спіцца меў,

мяшаючы палын
з міланскімі мушкетамі,
у статусе «былы»
і з зажыва адпетымі

пачуццямі да той,
з якой еў мёд і яблыкі,
у класікі й лато
ля цацачнае фабрыкі

гуляў і, як сабе,
ёй верыў да апошняга…
Ты помніш? Гром заспеў
мяне між мёртвых пожняў. Гар

пажарышчаў адкрыў
навокал я збянтэжана,
гусарам стаў без крыл.
Наверсе тэлевежы нам

з табою заняло
на раз сінхронна дыханне.
Карчомны дзеяслоў
павіс, нібыта тых анёл,

хто час спаліў ушчэнт
за фліртам з лангальерамі,
як ты свой шосты «кент»
начамі паліш шэрымі.

О, горыч наслання!
О, грукат танкаў княжацкіх!
Я рукі ўгору ўзняў –
Мо’ там багі развяжуць іх.

Ды неба кіслатой
адказвае ўсе месяцы,
і мідзу но ото**,
і хочацца развесіцца

лістотаю бяроз
і ягадай рабінавай.
Кахання перадоз.
А ўсе таўкуць: «Рабі давай!

Стаханаўскі рэкорд!
Медалі алімпійскія!».
О, гніль асенніх орд!
О, войск зімы фашысцкі яд!

Тут кружыць карусель.
Махно страляе ў публіку.
Траянскі конь нясе
туды, дзе кубік Рубіка

складалі Радзівіл
з Сапегам, паспрачаўшыся.
А я любіў без сіл
сусвет наш, апрача жыцця.

Пазыч мне шосты «кент»
і выпраў на чырвонае,
да грэцкіх каб календ
журбы варожай поўны яр

прайсці я змог бы ўброд
паміж мастамі сінімі,
каб стаць пад агнямёт,
знікаючы хатынямі…

ліпень-снежань 2013 г.

*Шыш -- мянушка беларускіх партызан у часе вайны Расіі супраць Рэчы Паспалітай 1654-1667 гг.
**Мідзу но ото (японск.) -- чутны плёск вады. Цытата з самага вядомага хоку япоскага паэта XVII ст. Басё.

Скарыстаны мінус Nébur Maik "Sound Of Movie" (2009) з сайта вольнай музыкі: http://www.jamendo.com


Статистика страницы на pesni.guru ▼
Просмотров сегодня: 1
Видео
Нет видео
-